«КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» ў Кітаі,
«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦК Камуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦК КПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т.л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем i СССР у час К.р. пагоршыліся (гл. Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)